Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Стабільна кепска». Беларускі Хэльсынскі камітэт зрабіў справаздачу пра катаваньні ў Беларусі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

БХК прадставіў ацэнку стану права на свабоду ад катаваньняў у 2024 годзе. У параўнаньні з 2023-м годам сытуацыя пагоршылася ў прафіляктыцы катаваньняў і абыходжаньні зь мігрантамі. Ёсьць сфэры, дзе становішча не зьмянілася, і ніводнай — дзе стала б лепш.

Самыя нізкія ацэнкі — адзінкі (зь дзесяці) — ужо чатыры гады запар праваабаронцы ставяць па наступных пунктах:

  • падрыхтоўка сілавікоў у пытаньнях прадухіленьня катаваньняў і гуманнага абыходжаньня зь людзьмі;
  • расьсьледаваньні паведамленьняў пра катаваньні і прыцягненьне вінаватых да адказнасьці;
  • нацыянальны мэханізм прадухіленьня катаваньняў;
  • выкананьне права на падачу скаргаў і іх бесстароньні, неадкладны разгляд.

Суды ўсё ахвотней выкарыстоўваюць прызнаньні, атрыманыя пад катаваньнямі, вынікае з паніжанай ацэнкі БХК.

Праваабаронца Павел Сапелка ў камэнтары праваабарончаму цэнтру «Вясна» адзначыў наступныя тэндэнцыі:

Дзеяньні дзяржавы часта выглядаюць як інструкцыі да катаваньняў, а прафіляктыка катаваньняў адсутнічае.

Заканадаўства адаптуецца пад легалізацыю жорсткага абыходжаньня, бо выканаўцам камфортней працаваць пад прыкрыцьцём «законнасьці».

Практыка «пакаяльных» відэа спынілася — але не з гуманнасьці, а дзеля ўтойваньня рэпрэсій.

Адбываецца рутынізацыя катаваньняў. Як прыклад — павелічэньне з 10 да 15 дзён тэрміну максымальнага разавага пакараньня штрафным ізалятарам.

Сьмерці ў зьняволеньні па-ранейшаму не расьсьледуюцца належным чынам, і пра пакараньне вінаватых зьвестак няма.

«Практычна кожны з тых, хто памёр, загінуў у зьняволеньні ў 2024 годзе, сваім дыягназам проста крычаў суду пра тое, што зь ім ня трэба экспэрымэнтаваць, што ён цалкам магчыма не перажыве зьняволеньне. Тым ня менш чалавек адпраўляўся на тэрмін пазбаўленьня волі — і адтуль ужо не вяртаўся», — зазначыў Павал Сапелка.

Цалкам ацэнкі БХК можна паглядзець у праекце «Індэкс правоў чалавека».

26 чэрвеня у сьвеце адзначаецца Міжнародны дзень у падтрымку ахвяраў катаваньняў. У гэты дзень у 1987 годзе ўвайшла ў дзеяньне Канвэнцыя супраць катаваньняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных і зьневажальных для годнасьці чалавека відаў абыходжаньня і пакараньня.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG