Латвія да канца году падоўжыла ўзмоцнены рэжым аховы на мяжы зь Беларусьсю. Зьявілася новая падстава

Беларуска-латвійская мяжа. Ілюстрацыйнае фота

Кабінэт міністраў Латвіі падоўжыў у чатырох рэгіёнах краіны ўзмоцнены рэжым аховы на мяжы зь Беларусьсю да 31 сьнежня з магчымым далейшым працягам у 2026 годзе.

Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні ўраду Латвіі, у Лудзенскім і Аўгшдаўгаўскім рэгіёнах, у Даўгаўпілсе і ў Каўнацкай воласьці.

Такое рашэньне ўхвалілі «для забесьпячэньня непарушнасьці дзяржаўнай мяжы і перадухіленьня пагроз дзяржаве, паколькі на латвійска-беларускай дзяржаўнай мяжы ўсё яшчэ выяўляецца непрапарцыйна вялікая колькасьць спроб незаконнага перасячэньня мяжы».

Згодна зь інфармацыяй ураду Латвіі, з 1 студзеня па 25 чэрвеня 2025 году перадухілілі 5534 спробы незаконнага перасячэньня дзяржаўнай мяжы.

Праз факты пашкоджаньня агароджы, пабудаванай на мяжы зь Беларусьсю, урад Латвіі плянуе да 2026 году пабудаваць памежную інфраструктуру для абмежаваньня нелегальнай іміграцыі.

«Вайну супраць Украіны, распачатую Расеяй і якую адкрыта падтрымала Беларусь, таксама варта ацэньваць як дадатковы фактар рызыкі і магчымую матывацыю для Беларусі працягваць намаганьні па дэстабілізацыі сытуацыі на дзяржаўнай мяжы з Латвіяй. Таксама значны ўплыў пры ацэнцы рызыку для бясьпекі дзяржаўнай мяжы маюць паведамленьні ў беларускіх СМІ аб магчымым запрашэньні 150 000 пакістанцаў для скарачэньня дэфіцыту працоўнай сілы ў краіне», – адзначаецца ва ўрадавым паведамленьні.

Паводле нацыянальнага заканадаўства, узмоцнены рэжым аховы дзяржаўнай мяжы ўводзіцца на шэсьць месяцаў і пры неабходнасьці можа быць прадоўжаны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латвія забараніла набываць нерухомасьць грамадзянам Беларусі і Расеі
  • 19 верасьня 2023 году з прычыны наплыву нелегальных мігрантаў з боку Беларусі Латвія на нявызначаны тэрмін закрыла пункт пропуску Сіленэ (Урбаны). З таго часу на мяжы зь Беларусьсю дзейнічае толькі адзін пункт пропуску – Патэрніекі (Грыгораўшчына зь беларускага боку).
  • У красавіку месяцы Аляксандар Лукашэнка заявіў, што гатовы прыняць на працу ў Беларусі да 150 тысяч пакістанцаў і «стварыць ім неабходныя ўмовы для працы». Навіна выклікала рэзананс як у суседніх краінах, так і ў беларусаў – людзі выказаліся пра яе крытычна ў сацыяльных сетках. Пазьней сілавікі затрымалі прынамсі некалькіх чалавек, іх змусілі запісаць так званыя «пакаяльныя» відэа з прабачэньнямі за свае выказваньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Беларусі за чатыры гады выдаткавалі больш за 2 мільёны эўра на прапаганду за мяжой