Горш за Беларусь у рэйтынгу свабоды слова толькі Нікарагуа і Паўночная Карэя — праваабарончая арганізацыя Article 19

Ілюстрацыйнае фота

Беларусь па ўзроўні свабоды слова займае 159-е месца ў сьвеце. Усяго ў ацэначным сьпісе — 161 краіна.

Як паведаміла выданьне «Позірк» з спасылкай на штогадовую справаздачу праваабарончай арганізацыі Article 19, Расея займае ў гэтым рэйтынгу 151-е месца.

Сярод суседзяў Беларусі найлепшая пазыцыя ў Латвіі — 9-е месца. Літва заняла 17-е месца, Польшча — 29-е, Украіна — 103-е.

Найлепш з свабодай слова, паводле праваабаронцаў, ідзецца Даніі, Швайцарыі й Швэцыі, а з постсавецкіх краін — Эстоніі (4-е месца ў сьвеце).

Летась у гэтым рэйтынгу Беларусь займала 158-е месца і апярэджвала, апроч Нікарагуа і Паўночнай Карэі, яшчэ і Эрытрэю.

Брытанская праваабарончая арганізацыя Article 19 заснаваная ў 1987 годзе. Яе дзейнасьць накіравана на абарону і спрыяньне свабодзе выказваньня думак і свабодзе інфармацыі.

Ва Ўсясьветным індэксе свабоды прэсы 2025 году, які ў траўні для 180 краін склала міжнародная арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў», Беларусь заняла 166-е месца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь «працягвае жыць у змроку рэпрэсій». Выйшаў даклад ААН пра сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі