«Лічыў, што так я дапамагу ўкраінцам»
Кірыла Балахонаў, дагэтуль ня надта вядомы беларусам, стаў пазнавальным, калі трапіў на супольныя фота і відэа палітвязьняў, вызваленых разам зь Сяргеем Ціханоўскім 21 чэрвеня 2025 году.
Кірылу 21 год. Ён паходзіць з малога беларускага гораду Буда-Кашалёва за 70 кілямэтраў ад мяжы з Украінай. У горадзе жывуць 8,5 тысячы чалавек. У 2020 годзе, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія і пратэсты пасьля яе, Кірылу было 16. Ён тады паступіў у каледж у Гомлі, каб вучыцца на спэцыяліста ў сыстэмах аўтаматызаванага праектаваньня.
«Усё, што я рабіў, гэта на сьценках сьцягі маляваў балёнчыкам у Гомлі», — кажа хлопец пра свой удзел у пратэстах.
Калі яму споўнілася 18 гадоў, пачалася поўнамаштабная вайна Расеі супраць Украіны.
«Я зразумеў, што не магу маўчаць», — успамінае Кірыла.
Ён кажа, што яшчэ да поўнамаштабнага ўварваньня хацеў пераехаць жыць у Марыюпаль, хоць там не было знаёмых. Горад яму падабаўся, бо ён быў трэцім па тэмпах разьвіцьця ва Ўкраіне.
«Першыя пару дзён (пасьля пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. — РС) у мяне шок быў. Я нават ні з кім не размаўляў… Закрылі мяжу (Украіна перастала пускаць беларусаў. — РС), я ніяк ня мог дапамагчы. А сродкаў, каб зьехаць у Польшчу, у мяне не было», — успамінае Кірыла сваю рэакцыю на поўнамаштабнае ўварваньне Расеі.
Кірыла Балахонаў
Ён успамінае, што стварыў акаўнт у TikTok, дзе расказваў пра полк Каліноўскага, заахвочваў да яго далучацца, «змагацца супраць рэжыму».
«Лічыў, што так я дапамагу ўкраінцам», — адказвае Кірыла на пытаньне, навошта ён гэта рабіў.
Пасьля гэтага яму прапанавалі далучыцца да закрытага Telegram-чату на 30+ чалавек. Чат называўся «Саюз беларускага нацыянальнага шчыта».
«Там разьмяшчалі ўсялякія рэцэптуры, кактэйлі Молатава, паведамлялі пра перакідваньне расейскай тэхнікі», — расказвае суразмоўца.
Ён тлумачыць, што чат стваралі на выпадак, калі расейскія войскі яшчэ раз пойдуць на Ўкраіну праз тэрыторыю Беларусі, каб змагацца зь імі па-партызанску і дапамагаць украінцам.
«Я быў упэўнены, што калі мяне зловяць, то гэта будзе турма»
Чат «Саюз беларускага нацыянальнага шчыта» праіснаваў каля паўгоду.
«Улетку туды, відаць, трапіў апэратыўны супрацоўнік, супрацоўнікі ГУБАЗіКу. Хутчэй за ўсё некага затрымалі, я думаю, і займелі доступ да тэлеграм-акаўнту. Або несьвядомыя грамадзяне дадавалі неправераных людзей», — разважае суразмоўца.
Балахонава затрымалі 8 лістапада 2022 году.
«Я прачнуўся ў 7:30 ранку ад тупату цяжкіх ботаў. Паварочваю галаву, а там шчыт, пісталет, сьвятламузыка. „Рукі за галаву! Ляжаць!“», — расказвае ён пра сваё затрыманьне.
Хлопца павезьлі ў Менск, ва ўпраўленьне ГУБАЗіКу. Расказвае, што ў яго праверылі тэлефон, знайшлі там фрагмэнт перапіскі з полкам Каліноўскага. Паводле МУС, Балахонаў плянаваў паехаць ваяваць на баку Ўкраіны.
«У кабінэт зайшлі, напэўна, чалавек дзесяць. Сказалі: „У цябе будзе 15 гадоў пазбаўленьня волі. Табе спакойна можна шпіянаж, тэрарызм, наёмніцтва вешаць“. Запісвалі мяне на відэа. У тых умовах было немагчыма адмовіцца», — кажа ён.
Кірыла дадае, што тады ў гэтай справе спачатку затрымалі 17 чалавек, але ўрэшце судзілі чатырох і яшчэ аднаго асобна.
Расейская вайсковая тэхніка ў Мазыры, люты 2022 году
«Я перажываў спакойна. Бо я разумеў ад пачатку, што хутчэй за ўсё траплю ў турму. Я быў упэўнены, калі ствараў TikTok акаўнт, калі ўступаў у Telegram-канал, што калі мяне зловяць, то гэта будзе турма», — кажа малады чалавек.
На час суду дваім ягоным паплечнікам было па 17 гадоў, яшчэ аднаму — 19, найстарэйшаму — 27. Гэта былі хлопцы з Магілёўскай, Берасьцейскай, Менскай, Гомельскай вобласьцяў.
«Адзінае — мне пашчасьціла, што ня білі, бо іншых добра пабілі. Памятаю, кагосьці заводзілі, было адчуваньне, што яго восы пакусалі, ён быў увесь апухлы», — кажа Кірыла.
Арыштаваных абвінавацілі ў «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня» і «спрыяньні экстрэмісцкай дзейнасьці». Суд быў закрыты.
«Гэта быў адзін суцэльны цырк», — характарызуе працэс Кірыла.
Хлопцам урэшце далі ад двух да трох з паловай гадоў пазбаўленьня волі. Кірыла атрымаў 3,5 году калёніі.
«Кожны дзень пастаянна ты хочаш есьці»
Падчас сьледзтва Балахонаў сядзеў на «Валадарцы», а пасьля суду яго перавялі ў наваполацкую калёнію. Ён адзначае, што ў калёніі лягчэй, бо ёсьць свабода перасоўваньня.
«Ты можаш у межах лякальнага ўчастку выйсьці пагуляць, папіць гарбаты», — кажа ён.
Пры гэтым на «Валадарцы» суразмоўца ня быў на «дзясятым прафіляктычным уліку», на які ставяць усіх палітвязьняў і які накладае на зьняволеных дадатковыя абмежаваньні і абавязкі: прыкладам, у калёніі ім нельга хадзіць на стадыён або трэба некалькі разоў на дзень адзначацца перад начальствам.
Хлопец заўважае, што за кратамі «няма паняцьця ўзросту». Тое, што ён малады, не ўплывала на стаўленьне супрацоўнікаў сыстэмы або іншых арыштантаў да яго.
«Усе роўныя, што стары, што малады. Кожны робіць у меру сваіх магчымасьцяў… Навічкам вялікія патураньні, на іхныя памылкі ніхто стараецца ўвагі не зьвяртаць. Калі чалавек нармальны, то ў яго ўсё будзе добра. Калі гэта мамчын сынок, які 40 гадоў жыве з мамай, то яму цяжка будзе», — тлумачыць ён.
Магілёўская папраўчая калёнія №15, ілюстрацыйнае фота
Кірыла кажа, што ён сам стараўся не засмучацца на ўсіх этапах свайго зьняволеньня, імкнуўся сабрацца і перажыць гэты досьвед. Маральна рыхтаваўся да большага тэрміну.
У калёніі ён спачатку сек сьмецьце з драўніны, якое потым ішло ў печ. У наваполацкай калёніі ёсьць вытворчасьць вырабаў з драўніны. Пазьней хлопца перавялі прыбіраць тэрыторыю, ён чысьціў дрэваапрацоўчы станок ад пілавіньня і сьмецьця. Паводле яго, гэта ня надта цяжкая праца.
У ШЫЗА калёніі Кірыла правёў сем дзён.
«Гэта такое месца, дзе няма нічога, там халодна, пайка там у разы меншая. Там мерзьнеш, пакутуеш. Я правёў там сем дзён — пару кіляграмаў скінуў. Людзі, якія прасядзелі там 45 дзён, выходзілі, як з Асьвенціму. Зранку ты нібыта паеў, але нібыта і не. Ты ўсё роўна хочаш есьці. І так кожны дзень пастаянна хочаш есьці», — кажа суразмоўца.
Ён тлумачыць, што ўсё, што ў ШЫЗА можна рабіць, — гэта сядзець і хадзіць. Зарадка можа дапамагчы сагрэцца на некалькі гадзінаў. Але калі чалавек галодны, то падчас практыкаваньняў можна страціць прытомнасьць.
«Я стаў нашмат больш грубым, азлобленым, радыкальным»
Хлопец кажа, калі яму ў зьняволеньні было зусім цяжка, то ён чытаў кнігі і займаўся спортам.
«Калі мне было вельмі кепска, я выходзіў на спорт, гадзіну „забіваў“, і мне было ўжо бяз розьніцы. Я быў хоць на нейкім пазытыве, бо дасягнуў выніку. У нас стадыёну няма, ёсьць толькі „Жалезны сьвет“, дзе ўсялякія трэнажоры, каб з вагай займацца. Туды тым, хто на прафіляктычным уліку, нельга было. Толькі на лякальных участках знаходзіліся невялікія турнікі, папярочкі, дзе можна было пазаймацца ў адведзены час», — дзеліцца ўспамінам Кірыла.
Бегаць было нельга, дадае ён, бо можна было «забіць усе ногі».
«Там асфальт так паўсюль разламаны, быццам пасьля Другой усясьветнай вайны ніхто нічога не рабіў. Можна было толькі падцягвацца, адціскацца, брусы, прэс. Мінімум практыкаваньняў», — заўважае ён.
Кірыла Балахонаў
Ратавалі таксама кнігі.
«Калі чытаў кнігі, гэта адцягвала ўвагу ўвогуле ад усяго… Рэмарка амаль усяго прачытаў, шмат чытаў па ІТ, крыху фэнтазі і шмат бэстсэлераў», — тлумачыць Кірыла.
Кірыла кажа, што ягоныя погляды сфармаваліся, бо ён вывучаў гісторыю.
«Я ведаў з раньніх гадоў, што ў нас у 1990-х гадах палітычных дзеячоў забівалі (гаворка пра Юрыя Захаранку, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага. — РС), пра 2010 год я ведаў, што Плошча была. Даволі рана я вывучыў гэта ўсё», — кажа маладзён, які нарадзіўся ў канцы 2003 году.
Ён заўважае, што на ягоную пазыцыю ніхто не паўплываў. Ягоныя бацькі маюць крыху іншыя погляды, чым ён сам, з братам ён не камунікуе. Але бацькі падтрымлівалі хлопца падчас зьняволеньня, ім дазвалялі сустрэчы, лісты і званкі. Аднак пасьля таго, як некалькі разоў хлопцу не дазволілі ў прызначаны час патэлефанаваць дадому, ён сам да канца тэрміну адмовіўся ад званкоў, «бо гэта проста зьдзек».
Суразмоўца адзначае, што яго зьдзіўляла за кратамі, што робіць з чалавекам «нават крупінка ўлады». Зьдзіўлялі людзі, якія не хацелі вызваляцца, бо ў калёніі іх кармілі, лячылі, давалі цёплыя рэчы. Кажа, што звычайна гэта бяздомныя людзі, якія селі за дробны крадзеж.
«Я стаў нашмат больш грубым, азлобленым, радыкальным. Мне ўвогуле перастала быць шкада людзей. Дагэтуль я шкадаваў. У турме я перастаў гэта рабіць… Мяне зьдзіўляла, што людзі ў 40 гадоў вядуць сябе горш, чым хто. Па-мойму, калі ты нешта зрабіў, то потым ужо ныць ня трэба, як кепска. Ты павінен разумець, што можа быць вось так. Ёсьць нармальныя, а ёсьць ныцікі. Зь імі крыху цяжкавата камунікаваць», — кажа Кірыла пра тое, як яго зьмяніла зьняволеньне.
Ён кажа, што сам трымаўся да апошняга і ня скардзіўся на ўмовы.
«Часам мяне пачынала ванітаваць ад недахопу кіслароду»
Кірылу вызвалілі на пяць месяцаў раней за канец ягонага тэрміну. Зь іхнай групы за кратамі застаецца адзін чалавек. Рэшта выйшла на волю па памілаваньні або па завяршэньні тэрміну.
Вызваленьне для яго было нечаканым. Ён не пісаў прашэньня аб памілаваньні. Кірыла ўспамінае, што 20 чэрвеня, як заўсёды, выйшаў на працу. Ранкам у 9:30 да яго падышоў загадчык гаспадаркі, вывеў з прамысловай зоны ў жылую і сказаў тэрмінова зьбіраць рэчы, бо яго накіроўваюць на «спэцэтап». Хлопец кажа, што сабраў рэчы за 10 хвілін. Яго на тры гадзіны закрылі ў «адстойніку».
«Я думаў, што на нейкую раскрутку павязуць», — кажа хлопец, маючы на ўвазе новую крымінальную справу.
Далей яго забралі супрацоўнікі КДБ, успамінае Кірыла, пасадзілі ў мікрааўтобус, надзелі мяшок на галаву і павезьлі ў СІЗА КДБ. Пра гэта ён даведаўся толькі тады, калі прыехаў на месца і яму далі расьпісацца ў паперы з словамі «СІЗА КДБ». Ні па дарозе, ні на месцы яму нічога не тлумачылі. Пасадзілі ў камэру зь людзьмі, разам зь якімі менш чым праз содні вывезьлі за мяжу.
«Спачатку я думаў, што раскрутка. Калі я ўбачыў (СІЗА КДБ. — РС), палічыў: нешта нядобрае будзе. Уявіць, што менш чым праз 24 гадзіны я буду ў Вільні, я ня мог. Нехта агучваў, што могуць абмяняць. Я на той момант настолькі ўва ўсё гэта ня верыў, што нават уявіць гэтага ня мог. Я быў упэўнены, што дасяджу да канца, таму ні на што не спадзяваўся», — кажа хлопец.
На наступны дзень, успамінае Кірыла, іх пачалі выводзіць з камэры па трое і саджаць у машыны зь мяшкамі на галовах. Бліжэй да мяжы іх перасадзілі ў іншыя машыны, усё яшчэ ў мяшках.
«Тады паздымалі маскі, але нельга было глядзець па баках, толькі ў падлогу, пакуль яны цалкам не перадалі машыну амэрыканскім дыпляматам», — кажа Кірыла.
Ён тлумачыць, што мяшкі, якія ім надзявалі на галовы, былі з шчыльнай чорнай тканіны. У іх можна было дыхаць, але зь цяжкасьцю. Некаторым нацягвалі шапкі на твар.
«Часам мяне пачынала ванітаваць празь недахоп кіслароду», — успамінае маладзён.
Але ён не казаў нічога супрацоўнікам, якія яго везьлі, бо разумеў, што гэта бессэнсоўна.
Кірыла зразумеў, што яго вызваляюць, толькі калі зьявіўся амэрыканскі прадстаўнік і сказаў, што яны свабодныя.
«У мяне мяшаныя пачуцьці былі. Я больш быў у шоку ад таго, што еду зь Ціханоўскім, чым ад таго, што мяне вызваляюць», — кажа ён.
Ён зразумеў, што едзе побач зь Сяргеем Ціханоўскім, калі іх пасадзілі ў мікрааўтобус, у якім яны перасякалі мяжу, і была пераклічка па прозьвішчах.
Кірыла кажа, што калі даведаўся пра вызваленьне, то перажыў мяшаныя пачуцьці. Адразу пачаў думаць, як далей жыць і што рабіць. Да таго ж, кажа, перапаўнялі пачуцьці помсты і злосьці за тое, што зь ім рабілі ў зьняволеньні.
Цяпер Кірыла ў Вільні. Ён хоча перадусім праверыць сваё здароўе. Адчувае, што пацярпелі зубы, зрок, ногі. Плянуе шукаць працу і вучыцца ў сфэры IT.