Польшча выйшла з канвэнцыі аб забароне супрацьпяхотных мінаў

Сэйм Польшчы. Архіўнае фота

Сэйм Польшчы ўхваліў закон аб дэнансацыі Атаўскай канвэнцыі аб забароне выкарыстаньня супрацьпяхотных мінаў.

Як паведаміла выданьне rmf24.pl, дэнансацыю канвэнцыі падтрымалі 413 дэпутатаў, 15 прагаласавалі супраць і тры — устрымаліся.

Атаўская канвэнцыя была падпісаная ў 1997 і набыла моц у 1999 годзе. Амаль тры дзясяткі краін не далучыліся да яе, у тым ліку некаторыя асноўныя цяперашнія і ранейшыя вытворцы і карыстальнікі наземных мінаў, такія як ЗША, Кітай, Індыя, Пакістан, Паўднёвая Карэя і Расея.

У апублікаванай летась справаздачы міжнародны назіральны орган Landmine Monitor заявіў, што наземныя міны ўсё яшчэ актыўна выкарыстоўвалі ў 2023 і 2024 гадах Расея, М’янма, Іран і Паўночная Карэя.

У 2025 годзе аб намеры выйсьці з дамовы паведамілі ўсе краіны Балтыі, Польшча і Фінляндыя. Усе гэтыя дзяржавы мяжуюць з Расеяй, якая ніколі не далучалася да забароны. Краіны патлумачылі гэты крок сытуацыяй зь бясьпекай у рэгіёне, якая для краін NATO пагоршылася.

Сёлета ў красавіку за выхад з канвэнцыі аб забароне супрацьпяхотных мінаў прагаласаваў парлямэнт Латвіі, а Літвы — у траўні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латвія выйшла з канвэнцыі аб забароне супрацьпяхотных мінаў, гэта тлумачаць расейскай пагрозай
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сейм Літвы прагаласаваў за выхад з канвэнцыі аб забароне супрацьпяхотных мінаў