Праваабаронцы Беларусі паведамілі аб павелічэньні ліку фігурантаў «справы Гаюна»

«Беларускі Гаюн» — незалежны маніторынгавы праект, які адсочваў перасоўваньне расейскіх і беларускіх войскаў на тэрыторыі Беларусі. Ілюстрацыйнае фота

У праваабарончым цэнтры «Вясна» паведамілі, што ў канцы траўня ў Магілёве па «справе Гаюна» асудзілі мясцовага прадпрымальніка, дырэктара адной з рэклямных кампаній Віталя Чавусава.

Паводле інфармацыі «Вясны», яго прызналі вінаватым паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу Беларусі (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці).

Віталю Чавусаву прызначылі 4 гады калёніі. Падрабязнасьці справы і рэжым умоваў адбыцьця невядомыя.

Паводле інфармацыі «Вясны», ужо распачаліся першыя судовыя працэсы па «справе Гаюна». Праваабаронцам вядома пра сама меней 26 пацьверджаных фігурантаў гэтай справы, якіх зьмясьцілі пад варту. Агульная ж лічба затрыманых значна больш.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пачынаюцца суды ў справе «Беларускага Гаюна», — «Вясна»

«Беларускі Гаюн» — незалежны маніторынгавы праект, які адсочваў перасоўваньне расейскіх і беларускіх войскаў на тэрыторыі Беларусі. Канал апэратыўна зьбіраў і аналізаваў дадзеныя, адпраўленыя жыхарамі краіны. Улады Беларусі абвясьцілі яго «экстрэмісцкім фармаваньнем» яшчэ ў 2022 годзе.

У лютым 2025 года яго заснавальнік Антон Матолька абвясьціў аб спыненьні працы ініцыятывы пасля таго як невядомыя ўзламалі чат-бот тэлеграм-каналу праекту. Ён зазначыў, што людзі, якія дасылалі інфармацыю, і якая можа іх ідэнтыфікаваць, або пісалі з акаўнтаў, якія могуць іх ідэнтыфікаваць, знаходзяцца пад пагрозай.

Паводле «Вясны», затрыманьні людзей у межах крымінальнай справы супраць «Беларускага Гаюна» працягваюцца апошнія некалькі месяцаў. Справу расьсьледуюць паводле артыкулу аб садзейнічаньні «экстрэмісцкай дзейнасьці» (артыкул 361-4 КК РБ).

Заснавальніка праекту Антона Матольку ў пачатку чэрвеня 2025 году завочна асудзілі на 20 гадоў пазбаўленьня волі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Матольку налічылі віны на 118 гадоў, але далі толькі 20. Ён расказаў, колькі за што