Служба навінаў тэлеканалу LTV зрабілі зь Дмітрыйсам Міхайлаўсам інтэрвію. У ім ён прызнаўся, што да апошняга моманту не разумеў, куды яго вязуць. Як і іншых палітвязьняў, яго везьлі зь мехам на галаве, павярнуўшы галаву долу. Прадчуваньне, што яго вязуць на вызваленьне, зьявілася тады, калі Міхайлаўс пралічыў, што машына павярнула на дарогу, што вядзе на Вільню.
Асаблівую падзяку ў інтэрвію Міхайлаўс выказаў консулу Латвіі ў Віцебску Сінціі Паўры. Ён адзначыў, што яна езьдзіла зь Віцебску ў Менск на судовыя паседжаньні і спрабавала дамагчыся вызваленьня яго і іншых грамадзянаў Латвіі з турмаў. Пры гэтым на першае паседжаньне яе не пусьцілі.
У Міхайлаўса ў Беларусі быў бізнэс. Асудзілі яго за камэнтары ў закрытым чаце, у якім ён быў адзіным замежнікам — усе іншыя былі беларусамі. Прычым у Беларусь ён уехаў праз паўтара года пасьля таго, як пісаў камэнтары, і тады яго арыштавалі.
«Калі Беларусь зрабіла бязьвізавы рэжым, я быў першым грамадзянінам Латвіі ў калёніі. На працягу паўгода зьявілася яшчэ дзесяць. Не палітычныя, праўда».
Дмітрыйс адзначыў, што ў турме латышоў у Беларусі саджаюць і на шэсьць, і на восем гадоў. Напрыклад, за тэлефоннае махлярства абавязкова далучаюць матэрыялы да арганізаванай групоўкі, каб паказаць, што гэта «банда».
Выданьне chayka.lv зрабіла поўны пераклад інтэрвію з латыскай на расейскую мову. Міхайлаўс папярэдзіў сваіх суграмадзянаў, што езьдзіць у Беларусь небясьпечна:
«Усе грамадзяне і жыхары Латвіі, хто думае, што можа спакойна і нармальна туды ехаць, ну… едзьце, але ведайце, што калі вы нешта зробіце, нават выпадкова, калі зь любой прычыны ваш тэлефон апынецца ў міліцыянта, і высьветліцца, што вы ў размове з сваяком у Латвіі сказалі нешта дрэннае пра ўладу ў Беларусі… Або напісалі, што ня трэба здымаць зь Беларусі санкцыі… Шэсьць гадоў, шэсьць гадоў турмы!
Паштовыя адпраўленьні ў або з Латвіі нельга адпраўляць, грашовыя пераказы нельга. Каб сваякі наведалі вас у турме… Гэта вялікая праблема. Ліст зь Віцебску ў Рэжыцу (лат. Rēzekne), а гэта толькі каля 300 км — ідзе 20 дзён».
Таксама былы палітзьняволены адзначыў, што рэжым у Беларусі не прызнае тэрміну «палітзьняволены», замест гэтага на людзей наведшваюць статусы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў».
Форум