Ёе выступаў падчас анлайн-дыскусіі «У пастцы „русского мира“: як захаваць беларускасьць і эўрапейскасць у адукацыі», якая адбылася ў межах сэрыі абмеркаваньняў «Пяць год супрацьстаяньня: Quo vadis, Беларусь?».
Як адзначыў Андрэй Лаўрухін, тэндэнцыі, якія зьявілся пасьля падзей 2020 году, атрымалі істотны імпульс і замацаваліся ў 2022-м з пачаткам вайны Расеі супраць Украіны. Беларусь заўжды самаізалявалася ад разьвітых краінаў, але да гэтага часу, да пачатку пратэстаў і вайны, працэс самаізаляцыі ўраўнаважваўся праз сумесныя праграмы і супрацоўніцтва з эўрапейскімі ўстановамі і фондамі. Пазьней адбыўся якасны пералом на карысьць самаізаляцыі, да якой дадалася ізаляцыя з боку заходнеэўрапейскіх краін праз санкцыі.
Гэтая ізаляцыя закранула ўсе ўзроўні беларускай адукацыі, ад сярэдніх школ да вышэйшых навучальных устаноў, якія фактычна спынілі удзел у любых міжнародных адукацыйных працэсах. Акрамя таго, адзначыў Андрэй Лаўрухін, былі прыпыненыя міжнародныя праграмы фінансавай падтрымкі рэформ адукацыі.
Такім чынам Беларусь, на думку Лаўрухіна, апынулася амаль цалкам ізаляванай ад эўрапейкай прасторы адукацыі, і гэтая тэндэнцыя была падхопленая і выкарыстаная «вельмі эфэктыўна» Расеяй, а расейская адукацыйная прастора стала для Беларусі адзіным выйсьцем, якое кампэнсавала дэфіцыт у міжнароднай супрацы і атрыманьні досьведу па-за межамі краіны.
У Беларусі ўвялі цэнтралізаваны экзамэн (ЦЭ), які нагадвае расейскі, што спрашчае доступ да расійскіх ВНУ. Акрамя таго, РФ у 17 разоў павялічыла квоты для беларусаў на бюджэтныя месцы у сваіх ВНУ, увяла для іх адукацыйныя гранты. Беларусь, як падкрэсьліў выступоўца, за апошнія пяць год істотна калянізаваная сыстэмай расейскай адукацыі.
Адзначыў Андрэй Лаўрухін і выданьне сумесных расейска-беларускіх падручнікаў па гісторыі, што прыводзіць да «ўбудаваньня Беларусі ў афіцыйны расейскі наратыў», які фармуе ідэнтычнасьць.
Унутраны стан сыстэмы адукацыі ў Беларусі не забясьпечвае рэзыстэнтнасьці да расейскай інтэрвэнцыі, мяркуе Лаўрухін. Паводле яго слоў, за апошнія гады стан сыстэмы значна пагоршыўся за кошт скарачэньня дзяржаўнага фінансаваньня і ўзмацненьня кантролю акадэмічнага жыцьця. Пагаршае сытуацыю і вымываньне прафэсійных «неляяльных» кадраў, масавы сыход навучэнцаў (ужо пачынаючы з узроўню школ), якія выбіраюць адукацыю па-за межамі краіны; разбурэньне інфраструктуры НДА, якая лабіявала альтэрнатыўныя афіцыйным адукацыйныя праекты.
Лаўрухін адзначыў, што Беларусь сутыкнулася з гістарычным выклікам для сваёй адукацыі, якой не было нават пасьля распаду СССР. Аднак «сьціплы аптымізм» у яго выклікае «кадравы патэнцыял і назапашаны эўрапейскі досьвед беларускай дыяспары», што дазволіць у будучым «выбудоўваць новыя формы грамадзянскага супрацоўніцтва».
Прафэсар, кандыдат гістарычных навук Павел Церашковіч адзначыў на дыскусіі, што, нягледзячы на зьнешняе нібы суцэльнае панаваньне «рускага свету» і эўразійскай ідэалёгіі ў беларускай пэдагагічнай і прапагандысцкай прасторах, яно не відавочнае і «нават у лягеры прыхільнікаў Лукашэнкі ёсьць людзі, якія разумеюць, што гэтая ідэалёгія небясьпечная для існаваньня і Беларусі, і самога рэжыму». Улада ігнаруе і сабатуе шмат якія з ідэй, якія намагаецца прасоўваць РФ у Беларусі, дадаў Павал Церашковіч.
Пры гэтым прафэсар падкрэсьліў, што сучасная расейская прапагандысцкая машына — наймацнейшая, якая калі-небудзь існавала ў гісторыі чалавецтва і адзінае выйсьце супраціву ёй для Беларусі — умацаваньне самасьвядомасьці беларусаў, веданьня сваёй гісторыі, што дапаможа людзям самім разабрацца, да якога «сьвету» адносіцца Беларусь.
Разважаючы пра русыфікацыю беларускай адукацыі, Церашковіч падкрэсьліў: «Горш, чым сёньня, ніколі ў гісторыі Беларусі не было <...>, да такой ступені нацыяналістычнай дзяржавай Расея ніколі не была ў сваёй гісторыі».
Форум